Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кляновае лісце

Рэдка чуем размову аб лірыцы,
Больш аб космасе, аб Амерыцы…
Людзі сварацца, потым мірацца
I за працаю славай мерацца;

Патанаюць у мудрых формулах,
Засядаюць на розных форумах.
А якія цяпер адносіны
Ў іх да лірыкі і да восені?

Ціха цягнуцца хмары сонныя,
Тратуар ад дажджынак рабы.
Пешаходы пад парасонамі –
Як счарнелыя ў лесе грыбы.

Растрывожаны ўшчэнт сумненнямі,
Крочу паркам, шліфую жарству.
Раптам бачу: збіраюць жменямі
Дзеці вогненную ліству.

Дзеці з пульхнымі свежымі шчокамі
Адкрывальнікі хараства…
Пешаход парасон зашчоўквае,
Падстаўляе пад вецер твар.

Як на нейкае дзіва дзівоснае,
На дзяцей ён глядзіць, на раку,
Ліст кляновы бярэ, нібы з восенню
Зноў вітаецца за руку…

Слаўлю домны, і рыбу ў сетцы,
I касмічнай ракеты свіст.
Будзь жа, лірыка, з імі ў суседстве,
Хай у цэхі, канторы і ў сэрцы
Залятае кляновы ліст.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кляновае лісце - Пiмен Панчанка