Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Яна набліжаецца

Яна набліжаецца згадкай паэта,
Як навальніца ў задушлівы дзень.
Ласкаваю коткай казыча паветра
Ягоны ажылы пажадлівы цень.

З бавоўны саткана яе набліжэнне,
Атулена марвай панадаў-спакус.
Ён чуе, ён бачыць яе нараджэнне
І сэрца трымціць, адчуваючы змус.

У моўкнасці жарай кунежыцца рэха
Здалёку пакуль шамацення крыса.
Спыняецца Час, патоплены ў рэках
Яе набліжэння, Яе прыбыцця.

Мятлушкай пяшчоты абрынецца неба,
Ён схопіць няўзнак стары парасон…
Аблічча не Бога – Яе – Каралеўны –
Праб’е, нібы дзіда, той смешны схарон.

І выбухне з цела нястрымная сіла,
Як быццам ён створаны быў Перуном –
І гэтак жа раптам, няўхільна-імкліва
Яна захлынецца ейным святлом.

Бяссільны, нямоглы, падушаны Ёю –
Пясочны палац пасля зграі віхур –
Пустэльню сваю адбудоўвае знову
Разгублены ўшчэнт самотны Амур…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Яна набліжаецца - Павел Гаспадыніч