Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Невядомаму салдату

Вакол цябе акопы, бліндажы.
Вакол – зямлі скрываўленай сумёты.
Малітву нехта шэпча:”Памажы!”
Кляне другі:”Каб вы згарэлі з чортам!”

Вакол цябе ідзе шалёны бой.
І кулі, разразаючы паветра,
Са сьвістам пралятаюць над табой.
А ты ляжы. І не зьвяртай на гэта.

А ты ляжы, паранены салдат.
Ня слухай, як сьпяваюць кулямёты,
Пра тое, што не вернешся назад
З апошняга і першага палёта.

Што потым будуць сьлёзы і лісты,
І словы, апякаючыя сэрца,
І маці не засьне да цемнаты,
Ня верачы пасьведчаньню аб сьмерці…

Вакол цябе акопы, бліндажы.
Вакол – зямлі скрываўленай сумёты.
А ты ляжы, салдат, а ты ляжы.
На хісткае мяжы цяпер і потым…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Невядомаму салдату - Паўлінка