Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гора ў Арменіі

Гора ў Арменіі

У хвіліну, калі аб стыхіі пачула,
Адчаем, як токам, душу скаланула.
На сэрцы–трывожна, пякуча, няўтульна,
Бо гора такое стала агульным.

Арменія, слёз я сваіх не хаваю,
Калі пра Спітак у газетах чытаю.
Калі на экране ў маленечкім ложку
Я бачу дзяўчынку з адной толькі ножкай.

Як горка, што дзеці ахвярамі сталі!
Іх школы, сады пад сабой пахавалі…
Нясцерпна балюча за тых немаўлятак,
Што ў доме радзільным пакінулі матак.

На месцы тых дзетак сваіх уяўляю
І вочы ад жаху шчыльней закрываю…
Знайсці сілы цяжка, каб выжыць у горы.
Калі паасобку-пясчынка мы ў моры.

А разам-балюча. Ды ўсё ж такі лепей.
Глядзіш, і заззяла ўжо сонца на небе.
І свет не здаецца халодным, няўтульным,
Калі чужы боль стане нашым агульным.

Я веру, што хутка ўзнімуцца школы,
Бальніцы, заводы на голай прасторы…
Па-іншаму быць не магло і не будзе,
Калі на бяду адклікаюцца людзі.

1989 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гора ў Арменіі - Ніна Кавальчук