Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Успамін пра родную хату

Хата мая, хацінка –
У абдымках яблынь і сліў.
Сэрца майго часцінка.
Свет, дзе ты іншым быў.

З цёплай ласкавай печчу –
Паганскім святым алтаром.
Дзе агонь першародны, правечны
Сакральным жывым святлом

Душу ачысціць. Радасць навее.
І накорміць усё сяло.
А занядужае хто – прагрэе.
І хваробы як не было.

У цёмным ціхім запечку
Хаты дух – дамавік –
Нашы душы чытае, як свечкі.
Ненавідзіць ён зло,
Бо да ладу прывык.

А ў куце святым чырвоным –
Абрадавыя ручнікі.
Каб душы продкаў ўлюбёных
Маглі тут гасціць праз вякі.

Не зачынялася хата
Для добрых суседзяў. Надзей.
І вячоркамі шчодра, багата
Весяліла дарослых, дзяцей.

Хата мая, хатуля…
Куфры. Ложкі ў падушках. Дарожкі,
Што далей у свет павялі.
Як бацька, як маці-матуля, –
Багацце найбольшае на зямлі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Успамін пра родную хату - Ніна Аксёнчык