Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мроі белых туманоў

На зары ліловым вадаспадам
Пралілося неба на траву.
І рака замроілася садам,
Уздыхнуўшы ціха на плыву.

Ці то белым полымем аблокі
Прыляглі на вербах, лазняку,
Запаліўшы мройныя аблогі,
Ручнікі спусціўшы у раку.

Ці то водгук зоркавага шляху –
Вечнасці прызнальнае “люблю”
Ахінуў мелодыямі Баха
І абняў заспаную зямлю.

Ой туманы, белыя туманы –
Мары-мроі золкавай зямлі…
Быццам дух, нябёсамі абраны,
Коні над вадою паплылі.


Верш Мроі белых туманоў - Ніна Аксёнчык