Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш Балада Белае Русі



Плылі туманы бялёсыя –
Малочныя туманы
Над Нарачанскімі плёсамі,
З-над Нёмна, Дняпра, Дзвіны.

Да сонца ў сонцы скляпеніліся
Белаю вапнай муры.
У звонкіх даёнках пеніліся
Рэчак малочных віры.

Ручво да ручва, як гонейкі,
Скрозь па лугах вясной
Палотны, слепячы сонейка,
Слаліся белізной.

Белых бяроз Вежы Белыя
Ў сакавіцкіх палях
Падпярэзваў з’інелы сам
Вечны Млечны Шлях.

Ды не паспявалі сняжыначкі
Далані арасіць,
Чаромхавы квет на сцяжыначкі
Збівалі рагамі ласі;

Ды не паспявалі чаромухі
Долу асыпаць квет,
Грэчкі – унучкі сёмухі –
Духмянілі ўвесь сусвет;

Вярталіся з выраю птушачкі:
“Долу кінь перыйка, птах!
На белыя на падушачкі –
Дачушачкам на пасаг!..”

Мілая, любая, родная
Зямля абяцаная,
Белая – значыць свабодная,
Незваяваная.

Вечная над нязванымі,
Няпрошанымі гасцьмі –
Над немымі іх курганамі,
Над белымі іх касцьмі,

Пад сонцам, што добрым Ярылаю
Спрадвеку святочна гарыць,
Пад парай буслоў белакрылаю,
Што кружыць на шчасце ўгары.





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада Белае Русі - Алег Лойка