Верш Апошняе спатканьне з Веранікай
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі зьбіраў,
У трызьненьні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ён ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія зьлічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
Зь вялікай і мілай радні?
Няшчасная доля – памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзьвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во – крочыць па ўсходках рыпучых,
Во – клямкаю бразгае ўжо.
I стала ад шчасьця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
О Божа! Сама Вэраніка!
Яго Вэраніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сьціскае ля сэрца рукой…
Праклятая Богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
– Ну, што ж ты стаіш, Вэраніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў –
I ўсё заставаўся адзін!
Я зьведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне…
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
– Не плач, Вэраніка! Бывай!
Яшчэ ты пасьпееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе.
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапацьме табе.