Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Водгулле школьнага вальса

Не зарастае школьная сцяжынка,
І не сатрэцца з памяці вясна,
Калі на вальс я запрасіў дзяўчынку –
Наташку з трэцяй парты ад акна.
І расцвіла, і распрастала плечы,
Бо для чаго ж тады з канца сяла
На памятны свой першы школьны вечар
Яна ў абутку маміным прыйшла.
Смялей, Наташка: усе мы не з эліты,
Мы ўсе тут ад сахі і бараны,
Адной нялёгкай доляю спавіты,
Народжаныя ў сполахах вайны.
Хіба ж не нам з табою да світанку,
Пакуль бары трывожным трызняць сном,
Нашэптвалі бярозы калыханку
Над партызанскім дымным буданом?
З тае пары…Паверыць нават цяжка,
Што так няўмольна шпарка час ідзе.
Вядзе да школы праўнука Наташка-
Наталля Аляксееўна вядзе.
Дзіцячым роем верасень узарваўся
На павуцінцы – першы жоўты ліст…
А мне той вальс далёкі прыгадаўся,
Што граў наш самадзейны гарманіст.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Водгулле школьнага вальса - Мікола Пацяюк