Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Вядомы ў каралеўстве дацкім

* * *

Вядомы ў каралеўстве дацкім
прысню сумнеў.
Гуляцца ў словы, нібы ў цацкі, –
не для мяне.
Душа даўно пару забавы
перарасла,
а плыць бліжэй да таннай славы –
шкада вясла.

А хвалі плешчуцца аб крыгі –
вякоў грахі –
і падмываюць сон Нямігі,
дзён берагі,
дзе, як на могілках забытых,
народ жыве.
Развеяў німбы час нібыта
і знік, як звер.

Але нябёсы помняць радасць
і боль жывых.
І адчуваеш сэрцам: варта
глядзецца ў іх.
Хай словы не шукаюць славы,
яны ў цане.
Гуляцца імі ў час крывавы –
не для мяне.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вядомы ў каралеўстве дацкім - Мікола Кандратаў