Верш Дыпламаваны Баран
У адным сяле (не важна – дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога –
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая.
А лоб дык вось наадварот –
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён – нічога.
I вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк насмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
– Вось, – кажуць, – і дыплом табе.
Што гэта за “дыплом”, Баран ні “мя” ні “бэ”,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
– А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
I не раўнуйся ты са мною.
– Аб гэтым лепей памаўчы, –
Сказала яму Кошка. –
Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
Другі баран ні “бэ”, ні “мя”,
А любіць гучнае імя.