Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вызваленне

Гарматы абвясцілі наступленне.
Мы Беларусі неслі вызваленне.
Дзень памірае
Хмуры, невыносны.
Ідзём утрох
Пад каравулам соснаў.

Як вартавы,
Што толькі стаў на пост,
Агледзеў месяц
Вышыню з нябёс.
Рыпіць марозна вузкая сцяжына…
Стаіць між сосен
Ціхая хаціна.

У хату ўнеслі доўгае маўчанне
Суровыя мае аднапалчане.
Тут, пад страхою,
Дзе вайна шугала,
Жыццё над смерцю
Сцяг свой узвышала.

Тут чалавек
На свет з’явіўся сёння
І ўночы закрычаў,
Нібы спрасоння.
Вайна, што ўсё на свеце руйнавала,
Жыццё жанчыне-маці даравала.

У лесе,
У хаціне,
Тут адна
Ляжала занямоглая яна.
Мы ж тут спыніліся,
Сюды прыйшлі,
Прынеслі волю
Мацеркам зямлі.

Салдацкі хлеб
Мы дзелім напалам:
– Вось цукар вам,
Ён не патрэбны нам…

На досвітку
Пайшлі мы ў белы свет,
І нам жанчына
Паглядзела ўслед.

А да жыцця –
Да матчыных грудзей
Цягнулася дзіця
Бліжэй, бліжэй.

Глядзеў на нас,
Пачаўшы светлы век,
Пазбыты гора
Новы чалавек.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вызваленне - Іосіф Балцан