Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пад напевамі ветраў асенніх

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасцягам разложыстых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

I на вогнішчы буры віхрыстай,
На магіле мінуўшчыны дзікай,
Беларусь, над табой агнявіста
Новай квадры настаў маладзік!

Яго погляды – далі люстраныя,
Волі дух – сакаліны палёт,
Яго грудзі – уздым акіяна
Вольнай песняй вітаюць Заход.

Чую – там падымаецца лёскат,
Разліваецца полем аўсяным, –
Гэта звоніць кужэльная вёска,
Да Кастрычніка туліцца ўся.

I глядзіць туды вокам арліным,
Каб узняцца на крыллях вясенніх,
Дзе равуць вольнагучна машыны
Над краінай бяссмертнага Леніна.

Вольных песень стыхійныя хвалі
Вірабурна прыволлем буяняць
I нясуць у замежныя далі
Кліч прыгнечаным – кліч да змагання.

Прыдзе час, і пад снягам чырвоным
Ашлюбуецца з Нёманам Вісла,
I свабодаю Вільня зазвоніць, –
Хай панурыя хмары не віснуць!

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасторам квітнеючых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Пад напевамі ветраў асенніх - Паўлюк Трус
«