Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пакаранне Жаны д’Арк

ПАКАРАННЕ ЖАНЫ Д’АРК

Цiха плачуць слязьмi iконы,
Быццам зноў сам кароль палонны…
Архiбiскуп, казаўшы: “Амен!”,
Загадаў пачынаць хрэсны ход,
I ля самых дзвярэй малельнi
Нiцма ўпалi жабрак i кельнiк:
Падымаючы здолу камень,
Крыж на сэрца паклаў народ.

Жана! Што ты? Альбо мне снiцца,
Альбо сэрца цiсне далонь?
Дзеўка брудная весялiцца:
– Дзеву Францыi – на агонь!

Гул жалобны званiц сабора,
Быццам сам Папа Рымскi хворы…
I пяе чорны хор кастратаў
Спадару пра памiн душы,
Нiбы песнi з тае малельнi
Астуджаюць чэрцям патэльнi
Цi ратуюць вязняў з-за кратаў
З дапамогай святой iмшы.

Жана! Што ты? Бо нехта спiцай
Мне з размаху дзiравiць скронь?
Перашэптваюцца чарнiцы:
– Веру Францыi – на агонь!

Неспакойны раскат набата,
Быццам тут сам Хрыстос распяты…
Вецер майскi, як амялушак,
Свiшча над маладой травой.
Па абодва бакi дарогi,
Ланцугом ачапiўшы дрогi,
З прагным вокам галодных птушак
Завiхаецца злы канвой.

Жана! Бач! У ярме дзiвiцца
I ўздыхае маркотны конь.
Нудна цягнецца каляснiца:
– Славу Францыi – на агонь!

Крумкачыная ўецца зграя,
Быццам сёння ўвесь свет пылае…
Хто змагаўся пад Арыфламай,
Той чароўную долю спазнаў!
О, чаму ж на зямлi Iудзеi
Пан Iсус, наша страсць i надзея,
Праганяў срэбралюбцаў з храма,
А драпежнiкаў не прагнаў?

Жана! Бачыш? Паўсюль iмглiца
Засцiлае сабой Гасконь,
Аквiтанiю i сталiцу…
Мо ўсю Францыю – на агонь?!

Крык дзявочы ўзляцеў крэшчэнда
I рассыпаўся ў прах дашчэнту…
Да кастра ва ўбраннi з едвабны
Людзi клалi вязанкi галля,
Бо караць чалавека спаленнем
Толькi ў радасць усiм пакаленням
I таксама палiць прывабна
Запаветы Евангелля.

– Жана! – Ў мёртвых вачах дваiцца
Архiбiскупская фялонь, –
Адпраўляйся жа, д’ябалiца,
На святы, залаты агонь!

Дым смуродны паўзе па плошчы
Абвявае святыя мошчы,
I сцякае з лобнага месца
Вадкай кропляй жалеза акоў.
Толькi вечная горыч расстання
Ды на ростанях тых пахаванне,
Дзе хаваюць няслушных нявестаў,
Вядзьмакоў ды ерэтыкоў…

Жана! Ведай, мая юнiца:
Не схапiць падзяку ў далонь.
Чалавечых страсцей крынiца
Вывяргае адзiн агонь!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Пакаранне Жаны д’Арк - Глеб Ганчароў