Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бажавоўк

Можна забіць, і спапяліць,
і прах пусціць на вецер,
а потым людзям абвясціць,
што ён не варты смецця.

Але нябесныя вятры
Ягоны прах па свеце
збяруць, як семя ў макатры,
жывой вадой асвенцяць.

I ўратаваны, з неба Дух
зноў сыйдзе чалавекам,
зноў будзе жыць сярод падлюг
ды іх марыянетак.

Ён бажавоўкам праслыве,
прыблудным патарочам,
ніхто яго не праміне,
не плюнуць каб у вочы.

Плююць. Свае і ганакі,
са смехам, без прынукі,
і Духу гэныя пляўкі
страшней за яд гадзюкі.

Ды, зганьбаваны сотні раз,
знявечаны натоўпам,
Ён прыйдзе ў самы горшы час
сваім адвечным тропам

Да тых, хто выплюнуў душу,
хто ў паднябесных храмах
блюзнерствам замяніў імшу,
а Святароў на Хамаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Бажавоўк - Анатоль Сыс