Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ад ранку нехта шчодрай жменяй

Ад ранку нехта шчодрай жменяй
Раскідаў пацеркі ў лясах.
Зіхціць вясёлкамі праменне
На павуцінных кутасах.

З палону соннае ляноты,
Нібыта кропелькі расы,
Ляцяць да наваколля ноты –
Нябачных птушак галасы.

І ты ідзеш па лузе росным
Насустрач сонейку і дню…
Мой успамін, анёлак босы!
Усё калісьці ўпершыню…

Спрыяў спатканню нашай цноты
Світанак – яснакрылы птах.
Яго дзівосныя клейноты
Ў тваіх ярчэлі валасах.

І ўсмешка ранішняй лагодай
На вуснах кветкаю цвіла…
З якой нагоды ўзнагародай
Ты ў маладосці мне была?

Ад летуценнай блытаніны
На сэрцы зноў вясна цвіце.
Дрыжаць расінкамі ўспаміны
На арабінавым лісце.

Я не шукаю паратунку,
Імкнуся матылём к агню…
Ласункі першых пацалункаў,
Калі я вас яшчэ сасню?

2001


Верш Ад ранку нехта шчодрай жменяй - Георгій Ліхтаровіч