Верш У твар дыхнула водарам вясны
Я еду ў вагоне ў ліпнёвую ноч,
Ліпнёвыя ветры пяюць за вакном,
Ліпнёвыя ветры, раскінуўшы дым,
Цягнік даганяюць, спяшаюцца з ім…
Праносяцца міма, стаяць ля гары
Далёкія гоні, чужыя бары…
Цягнік прамінае – спяшыць на начлег,
Яшчэ не закончаны ночны прабег…
Ягоная справа – вязі і гані!..
Мне сумна ў вагоннай сядзець цішыні.
Пытаю ў суседа – куды едзе ён,
І ён неахвотна гаворыць праз сон:
– Вось тут недалёчка паўстанак, а вы?.. –
І сон адганяе кіўком галавы.
Спрачаюцца колы пад намі ўначы,
Цягнік не спыняецца – далей імчыць…
– Я еду далёка-далёка, стары!..
Ў далёкія далі, ў другія краі…
Цягнік праімчыцца шмат цёплых начэй,
Пакуль даімчыцца да мэты маей…
Нямала ля станцый, для новай хады,
Цягнік будзе браць і апалу, й вады,
Каб вуглем сагрэць у дарозе нутро,
Каб смагу яму прахалодзіць вадой…
– Далёка, каханы мой! – дзівіцца дзед. –
І, пэўна, нямала каштуе білет?!
– Стары! За дасяжнасць да мэты маёй
Плачу я гарачаю, чыстай крывёй…
Найлепшыя грошы, найлепшы разлік –
Струмені натхнёнай юнацкай крыві.
Разліць гэту кроў і аддаць за вясну,
За тысячы вёснаў, за мэту адну!..
– Штось дзіўна, каханы мой! – дзівіцца дзед. –
Такога разліку не бачыў нідзе…
Я быў у акопах, страляў на франтах
І ліў сваю кроў на маньчжурскіх палях,
Прыгнёт я трываў, і пакуту, і здзек –
Твайго ж я разліку не бачыў нідзе…
– Маўчы, безразважны, пакутны стары!..
Мы кроў аддаём за другія краі…
Краі будавання і мараў палац –
За гэта крывёй толькі можна аддаць!..
Аддаць сваё сэрца, і кроў, і вясну
за тысячы вёснаў, за мэту адну!..
…Цягнік даў прарэзлівы, моцны гудок,
Сусед мой заснуў, паваліўся на бок…
Цягнік закрычаў і заляскаў мацней
У знак, што зусім разумее мяне.
Ён мчыцца, нервовы. Ў запале імчыць,
Кідаючы крыкі у ціхай начы.
Ліпнёвыя ветры, раскінуўшы дым,
Цягнік даганяюць, спяшаюцца з ім.
Змітрок Астапенка