Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Горка ўспамінаючы нягоды

Горка ўспамінаючы нягоды,
Судзячы глухую даўніну,
Як жа нам ня хочацца
Заўсёды
На сябе прымаць усю віну!

Сьцішваючы скрушнае рыданьне,
Боль свой разбаўляючы ў віне,
Мы сабе шукаем апраўданьне
На чужой, нялюбай старане.

У душы пануюць невылазна –
Колькі іх сабе ні выбачай –
Раўнадушны сьмех старога блазна
І бясьсільны малады адчай.

I ўзыходзіць на лугах наступства
Забыцьця калючая трава…
Нам пакорнасьць нашую і глупства
Бог ужо стаміўся дараваць…


Верш Горка ўспамінаючы нягоды - Генадзь Бураўкін