Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш … і нарэшце ўсё ж схапілі

… і нарэшце ўсё ж схапілі. З гікам, свістам
пацягнулі на вяроўцы ў суд.
Панабегла ўсякіх – чыстых і нячыстых,
нат бязногі, нат сляпы быў тут.

Ярасць, гнеў перапаўнялі пляц вячысты;
хтось праклёны слаў, хтось камень запусціў
(аказалася пазней – адзін з нячыстых);
кару для яго натоўп маліў.

Пісар абвясціў судовае рашэнне:
“Хай другім злачынцам будзе ўрок!
Гэтае найядавітае стварэнне
засушыць і сцерці ў парашок”.

Бурнай радасцю азваўся пляц на вырак.
“Так-то!.. Верна!.. Прэч з падонка дух!..
Дайце мне яго!.. Не ўджаліш болей, вырад!..”
Ён самотна паглядзеў наўкруг.

“Каб узяць з мяне карысць, сатрыце ў пральны.
Толькі знай, святы сінедрыён:
для таго быць ядавітым натуральна,
хто ад нараджэння – скарпіён.”


Верш … і нарэшце ўсё ж схапілі - Фёдар Лашкевіч