Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Першае падарожжа

Рэкі нясуць на сумежжа адлігу.
Душы зняверваюць грошы, аж страх,
Едзе Скарына Францішак у Рыгу
з бацькам у першы гандлёвы свой шлях.

Знік родны бераг і камень Барысаў.
Месяц тапырыць па-змоўніцку рог.
Ціхай Радзімы лясныя абрысы
сына жагнаюць на зменлівы торг.

Полацк зажураны ў засмужы ранка
доўга на воку ўспамінам пячэ.
Коціць світанне Дзвіна-палачанка.
Даўгавы лёсам ісці ўжо шпарчэй.

…To ж чалавек прад кананнем гібее,
покуль не вып’е гаркоту да дна.
Рэчка ў канцы свайго шляху глыбее,
з морам спрачаецца ў вусці Дзвіна…

Залапатаў прамяніста пярынкамі
пеўнік на жэрдцы на вежы Пятра.
Зачараваў, пэўна, вочы Скарынавы
зваблівы бляск залатога пяра.

Горад – застаўка да будучай кнігі, –
звязаны дахі з дахоўкі кулём.
На масяндзовую вулачку Рыгі
ўедзе адзін толькі вершнік з кап’ём.

Але ці доўга надзівішся з крамы?
Дзень быў запоўнены працай суздром.
З бацькам прыехаў не лыпаць вачамі,
а набіваць свае склады дабром.

Скончыцца дня працавітага мліва,
добры настрой – у капшук барыша.
Пройдзецца ноччу па краі заліва –
ехаць далей пажадае душа.

Роднаму Полацку розум і думкі
ў свеце збіраць працавітай пчалой.
Глянуць у вочы людзям навукі.
Роднае слова світаць пачало!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 4,00 out of 5)

Верш Першае падарожжа - Данута Бічэль-Загнетава