Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не сышліся

Можа, й вы былі на тым вяселлі,
Бо ж бываюць супадзенні часам:
Полька ўсіх кружыла ў каруселі,
Аж ляцелі іскры з-пад абцасаў.
А калі крычалі госці “горка”
І ад шчасця шчокі палымнелі,
Быў жаніх гатовы з неба зорку
Маладой пакласці на калені.
І бацькам суцешна, што ў акрузе
Не было такой прывабнай пары.
Верылася: ў радасці і скрусе
Ім ісці да запаветнай мары.
…А нядаўна чую: развяліся
Пасля нейкай дробязнай сутычкі.
Норавамі, бачыш, не сышліся –
Розныя характары і звычкі.
Што згарэла, больш не загарыцца:
Дзве душы – і кожная пустая.
І бацькам няма чым ганарыцца,
І дзіця сіроткай падрастае.
Я не распачаў бы і гаворку,
Ды хачу агучыць меркаванне:
Не дары каханай з неба зорку –
Адчувай адказнасць у каханні.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Не сышліся - Мікола Пацяюк