Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Стаю і з пачуццём неўтаймаваным

Стаю і з пачуццём неўтаймаваным
Гляджу на след блакітны за кармой,
Як быццам я плыву не акіянам,
А Бесяддзю – жаданаю ракой.

Плыву па ёй! Як хлопчыку малому,
Паслаў мне лёс блакітную раку –
Праз цёмны акіян яна дадому
Мяне вядзе, як маці, за руку.

Праз буру, ахвяруючы сабою,
Вядзе і на сабе ўжо – колькі дзён! –
Магутны карабель нясе, вагою
У восемдзесят з нечым тысяч тон.

Што для яе натоўпы хваляў шэрых
I карабля стотысячны цяжар,
Калі на даляглядзе родны бераг
Абдымкамі выглядвае з-за хмар?


Верш Стаю і з пачуццём неўтаймаваным - Аркадзь Куляшоў