Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Усё ня тое

Калі ляжаў я ў калысцы,
Пачуў ад ангела: “Калісьці
Ты будзеш мовы роднай прагнуць
У калоссі, жыце, нават у багне”.

Бег час. Аднойчы ў Еўропу
Паехаў я пабачыць свет,
Паўсюль бардэлі і сэкс-шопы,
І каляровых шмат газет.

Але ж у сталіцы ў ніводнай
Галоўнага не адшукаў –
Дзіцячай мары, мовы роднай
Аршанца і гамельчука.

Спытаўся дзядзьку ў Берліне:
“Спадар, дзе можна выпіць квас?”
Ён на мяне, як на паўліна,
Глядзіць, пытае: “Was іst das?”

У Лондане хапаю цётку:
“Дзе помнік Коласу стаіць?!”
А тая раптам наўцёкі,
Крычыць вар’ятка: “What іs іt?”

Сустрэў дзяўчынку ў Мадрыдзе,
Кажу: “Бульбяная тут ёсць?”
Яна раптоўна ў бок адыдзе,
Вачыма лыпае: “Que’ es?”

Аб’ехаў гарадоў нямала,
Пераканаўся, што паўсюль
Не чалавек жыве, а малпа
З мазгамі дзятлаў і зязюль.

Не ведаюць яны ні мовы,
Ні Вітаўта, ні СкарынУ,
Жывуць сабе ў нейкай змове
І не шануюць даўніну.

І вось сяджу ў родным бары,
Кажу сяржанту: “Як жаўнер
У войску?” Ён мяне па твары:
“Заглохни, оп-па-зи-ца-нер!”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Усё ня тое - Аркадзь Брут