Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ноч, дождж

Наўкол – заплаканая ноч,
размытыя дамоў і дрэў абрысы –
знаёмае ўсё траціць рысы…
А мне… ,
куды захочаш, кроч.

Дажджыначка-сляза,
на твар мне ўпала, і – заснула…
Трывога за цябе,
недакаханая мая,
вастрэй ляза
душу маланкай паласнула…

Ў гаркоце злой і без надзеі
душа трывае-церпіць спусташэнне.
А вусны…
вусны моляць суцяшэння,
ды вочы й сэрца суравеюць…

Знаёмае ўсё траціць рысы.
А мне… ,
куды захочаш, кроч…
Размытыя дамоў і дрэў абрысы,
Наўкол – заплаканая ноч…


Верш Ноч, дождж - Антон Піліпчык