Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Белыя вершы – зімовыя чары і мроі

Белыя вершы –
зімовыя чары і мроі.
Белую песню
спявае завея сівая.
Тут, у гэтых вулках,
я сёння згублюся,
зблукаю.
Тут, у гэтых вулках,
я зноўку сябе
адшукаю.
Тут
зразумею нарэшце,
чаму я такая…

Белыя дзверы –
за імі
зімовыя мроі.
Белыя людзі –
у вопратках –
чыстыя душы…
Тут, у свеце гэтым,
я зноў абяцанне парушу.
Там, у свеце тым, –
слова,
урэшце,
стрымаю…
Толькі…
як холадна, Божа,
і як неўтульна…

Душы зблукалыя
вераць у агеньчык
надзеі.
Недзе ля сэрца
цяпельца маленькае
грэе…
Недзе ля сэрца
пад сцюжаю зернейка
спее…
Толькі праз сэрца
яно прарасці
не пасмее…

Значыць –
чакайма вясны
і расталага снегу,
Весняга сонейка,
першае смелай крынічкі,
Першага цёплага ветрыку,
першай нахабнай сінічкі,
Шчырай усмешкі…

…А ведаеш, Божа, –
я ўсё даравала.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Белыя вершы – зімовыя чары і мроі - Ангеліна Дабравольская