Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Разбітыя мары

…І мары былі залатыя,
І гукі не рэзалі слых.
Мы думалі, што не такія,
Адрозныя мы ад усіх.

Ды зараз – гляджу ў твае вочы –
Не бачу чамусьці сябе.
А разам мы марылі крочыць,
І крочыць не так, як усе.

Канечне, мы не ідэальныя!
І хто б нас такімі зрабіў?
Хацелася быць унікальнымі,
Якім ніхто болей не быў.

А нашыя коні па крузе
Цягнулі карэту жыцця.
Па млечным кружылі мы лузе –
Цяпер гэта луг забыцця.

То залевы нам, то завеі.
Хадзем – трэба рукі сагрэць! –
І там мы, здаецца, сустрэнем,
Тое, што не хацелі сустрэць.

Выходзіць – і мы з той жа скуры?
Цячэ ў нас звычайная кроў…
Жыццё мы малюем панурым –
Такіх дасягнулі высноў.


Верш Разбітыя мары - Андрэй Козел