Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гэта не так ужо і сумна

Гэта не так ужо і сумна
пакідаць жанчыну, калі
ведаеш, што вернецца судна
да яе берага, яе зямлі.
Калі ты знаеш: шляхі твае
зноў прывядуць цябе да яе.
Гэта не так ужо і сумна
пакідаць жанчыну, калі
кліча цябе баявая сурма,
цябе прыспешваюць: “Пайшлі!”
Калі абавязан пакінуць жанчыну.
Будзеш жывы –
сустрэнешся з ёй,
загінеш – перад ёй і Айчынай
ты выканаў абавязак свой.
Самае сумнае – не гэта,
самае сумнае – тады,
калі жанчыну, табой сагрэтую,
ты пакідаеш назаўжды,
і пакідаеш яе не дзеля
нейкіх вышэйшых спраў і надзёй.
Проста мінула кахання нядзеля,
а панядзелак – ростані дзень.
Калі пакідаеш –
з яе дакорам,
з яе уяўнаю віной,
з тым паглядам яе пакорным,
які адчуеш ты спіной,
калі, пакінуўшы адну,
ідзеш ў цішыню,
не на вайну.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гэта не так ужо і сумна - Анатоль Вярцінскі