Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Таджыкская легенда

Чуеш?..
Клёкат арлоў
На сівым Гіндукушы –
рэжуць крыламі ў небе воблачны дым…
Іх спрадвечны спакой на вяршынях парушыў апаўночы
калгасны кішлак Інкашым.
Апаўночы, як сонца, на мачце высокай
засвяцілася лямпачка Ільіча.
За мяжой
у цясніне, прытомленай спёкай,
не спаў усю ноч
гарнізон англічан.

Не адных жа арлоў
патрывожыў агнямі
наш калгасны кішлак
у цемрадзі гор.

На граніцу тады,
рыпучы рамянямі,
з’явіўся
сухі,
як пагарда,
маёр.

“Прапаганда!..” –
брытанец ківаў нам
на горы –
там адрогі у вобліску залатым.

Пагранічнік спакойна
глядзеў на маёра,
і дасхочу смяяўся
кішлак Інкашым.

Рана-рана зарэла
над стромай вяршыняй,
лілося
ў чужыя цясніны
святло.

Сярод ночы
індусам у цёмнай даліне
падалося,
што з поўначы
сонца ўзышло.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Таджыкская легенда - Анатоль Вялюгін