Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прымаю роды

Жалезны стол. Вам так нязвыкла.
З усіх бакоў трымаюць вас.
Расколваецца ад крыку
у акушэркі галава.

Што ж, рукі мы заспіртавалі,
і нам цяпер патуг чакаць.
Крычыце, як да вас крычалі
і будуць пасля вас крычаць.

Вы самі з вёскі. Вам семнаццаць.
Дацэнт вас прыпісаў у Мінск.
Былі за няньку. Усміхацца
вам стаў таго дацэнта сын.

Што ён жанаты быў, – вы зналі.
Вы зналі, што ён меў сям’ю.
I ўсё ж вы гэтак сплюсавалі
з яго усмешкаю сваю,

Што зараз звонкі крык ударыць
і усміхнуцца ўсе вакол…
Э, не гаруйце! Шмат хто марыць
патрапіць на такі вось стол.

Я знаю, што непадалёку
дзяўчына ёсць, жыве адна –
пакінутая, адзінокая…
А час не дрэмле. Сівізна

Асядзе хутка ёй на скроні,
на пышнасць чарнаватых кос.
Мужчыны на сваёй далоні
яшчэ яе трымаюць лёс.

Той, хто прынесці мог бы ласку,
травой пакрыты ў полі спіць,
з яго прабітай куляй каскі
у неба жаўранак ляціць.

Ёй сніцца ваша доля часам,
як глыб нябеснай сінявы,
яна б не войкнула ні разу,
каб толькі легчы там, дзе вы.

Што ж, рукі мы заспіртавалі,
і нам цяпер патуг чакаць.
Крычыце, як да вас крычалі
і будуць пасля вас крычаць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Прымаю роды - Алесь Наўроцкі