Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Песня вучняў Лідскага піярскага калегіума

Песня вучняў Лідскага піярскага калегіума

Зноў на лекцыі-заняткі
кліча нас званок з абеда.
Наш калегіум піярскі –
школа розуму, храм ведаў.

Тут экзамены штомесяц,
кожнай раніцай малітва,
галава за дзень умесціць
ведаў цэлую палітру.

Гордзіеў задачак вузел
на занятках разрубаем.
Ходзім з клірыкам па лузе,
каб сабраць з раслін гербарый.

Хай прыедзе Кацярына
ў Ліду ў пышным экіпажы –
ёй аб змове Каціліны
мы трагедыю пакажам.

Да навукі не астынем.
Каб прэфект нас не сароміў,
шпарыць станем на латыні
мы не горш за Цыцэронаў.

Ведаць будзем дасканала,
каб манахі не каралі,
глобус, Біблію, аналы
і граматыку з мараллю.

Факелам запалім яркім
вопыт продкаў, мудрасць дзедаў.
Наш калегіум піярскі –
школа розуму, храм ведаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Песня вучняў Лідскага піярскага калегіума - Алесь Мацулевіч