Верш Голас са старога дрэва
Голас са старога дрэва
Да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
Магчыма, першым у Лідзе, хто ў ноч з 8 на 9 мая 1945 года даведаўся аб капітуляцыі Германіі, быў Васіль Васільевіч Гняздзілаў, радыст 34-га мотастралковага палка ўнутраных войск.
На радыёстанцыі ўночы
дзяжурыць Гняздзілаў Васіль.
Не сплюшчваць гадзінамі вочы
хапае ў дзяжурнага сіл.
Вачэй не заплюшчыць, не зваліць
радыста дзяжурнага сон.
Прыёмнік настроіў на хвалю
шырокавяшчальную ён.
Заззяла ад радасці вока:
з прыёмніка – слоў чарада.
Аб капітуляцыі войскаў
нямецкі радыст перадаў.
“Ці кажа такое па-руску
Масква залатая сама?!”
Васіль паварочвае ручку –
па-руску такога няма.
“Капітулявалі фашысты –
і болей не стануць страляць!” –
паведаміў тэлефаністцы.
А тая: “Фліртуеш, салдат?”
“Чырвонаармейца качайце:
фашызм пад штыком акалеў!” –
дзяжурнаму кажа па часці.
А той: “Паглядзім, што далей”.
Зрабіў гучны ён гаварыцель,
павесіў на дрэва яго.
“Пачутае пераварыце
ўсё тысячамі вы мазгоў”.
Днём горад пачуў Левітана,
абрадаваўся навіне.
Зямля Перамогу вітала,
як шлюць прывітанне вясне.
Вітала Зямля Перамогу.
Вітаў і Гняздзілаў Васіль.
Надаў голас з дрэва старога
і веры лідзянам, і сіл.