Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бадзяга

Бадзяга
(у памяць аб падзеях 1659 года)

Я бадзяга са спаленай Ліды.
Я бяздомны жабрак-сірата.
Сваё гора, свой боль, сваю крыўду
ў гэтых словах хачу перадаць.

Змей на Ліду напаў агнядышны.
Меў той змей 30 000 галоў.
З абаронай яе, як кот з мышшу,
ён расправіўся, змёўшы далоў.

Змей – Івана Хаванскага войска,
нацкаванае рускім царом.
І згарэў, як свяча тая з воску,
родны горад пад ядзерны гром.

Зубы ў арміі-змея як жорны.
Заглынае мястэчкі глыток.
Быць ад попелу Беліцы чорнай.
Быць ад попелу брудным Мыто.

Вось пачвара ў салдацкім абліччы
пажырае дамы і хлявы.
Робіць з Дворышча змей папялішча,
робіць Ваверцы хвост агнявы.

Рабаўнік па павеце пашарыў,
перабіў, папаліў, абабраў.
Я ад войска ўцякаў, ад пажараў,
і цяпер я бадзяга-жабрак.

І скрозь зубы свае, як умею,
ад душы, дзе бурліць гнеў агнём,
наўздагон агнядышнаму змею
пасылаю гарачы праклён!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Бадзяга - Алесь Мацулевіч