Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ода калодзежнай вадзе

Пасля дарог асфальтаваных,
дзе хуткасць – найважнейшы бог,
крыху шчымліва, незвычайна
ступіць на сцішаны парог.

Тут, на зацененай верандзе,
якая б ні была пара,
ёсць конаўка, як ардынарац
яго вялікасці – вядра.

У тым вядры – вада з калодзежа,
якой нідзе няма смачней.
Яна з глыбінь зямных выходзіла,
а колерам за сінь сіней.

Над ёй мігцелі зоры ў квецені,
аблокі лёгкія плылі,
цяжкія хмары сеяў вецер,
завеі лютыя гулі.

Вада з калодзежа старога
паіла ноччу партызан,
змывала смутак і трывогу,
гаіла боль пякучых ран.

Таму глыток узяўшы першы,
я шлю падзяку тым рукам,
што жвір капалі, каб найлепшай
дастаць вадзіцы землякам.

Другі глыток узяўшы, шлю
падзяку тым, што ўратавалі
калодзеж гэты і зямлю,
каб іх ніхто не запаганіў.

А пасля трэцяга глытка –
стаю з дакорным запытаннем:
што я зрабіў, каб ты цякла,
каб ты жыла, вада святая?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ода калодзежнай вадзе - Віктар Ярац