Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гарэзлівасць

Ты настроям маім здзіўляешся
і паводзінам прэтэнцыёзным –
не здзіўляйся, я ж не сур’ёзна,
я ж гуляюся!

Дзёрзкай шчырасці ты пужаешся,
рэагуеш надта нярвозна –
не пужайся, я ж не сур’ёзна,
я ж гуляюся!

Ты збянтэжана ўсміхаешся
на мае пытанні ўскосныя –
не хвалюйся, я ж не сур’ёзна,
я ж гуляюся!

Калі ж мне ў каханні прызнаешся,
папярэджваць ужо будзе позна –
зразумееш: я ж не сур’ёзна,
я ж гуляюся!


Верш Гарэзлівасць - Алена Шэр