Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каторы ўжо раз закаханы

Каторы ўжо раз закаханы
Ў цябе я – дзесяты, соты?..
Перахоплівае дыханне,
Як ты парушаеш самоту.

Променем сонца ласкавым,
Цёплым, як ён, і няўлоўным
Прыходзіш у сон светлай явай,
Яву – сном робіш чароўным.

З поля прыходзіш, сэрца
Пяе жаўруком нестрымана.
З бору прыходзіш, рвецца
Да сонца сасонкай з туману.

З лугу прыходзіш, вочы,
Як подых атавы надрэчнай, –
Бусел клякоча-прарочыць
Атаве расці нашай вечна…

Ці позніх зарніц калыханне,
Ці ліўняў ліпнёвых грымоты,
Перахоплівае дыханне…
Дзень добры, шчасце маё ты!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каторы ўжо раз закаханы - Алег Лойка