Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лясная песня

Лясная песня
Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую
Тваю песню лясную
Ды ўспомню былыя гады.
Ды ўспомню пажары,
І варожыя хмары,
І завеі халодных снягоў,
І слату, і нягоды,
І начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў.
Край любімы мой, родны,
Ты на свеце свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі
Ты не быў у няволі,
Каб чырвонымі кветкамі цвіў.
Адышлі тыя годы,
Адгрымелі паходы,
Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцці не забыць.
1950

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Лясная песня - Адам Русак