Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Песняй вітаю я вас



Леглі шырока нівы калгасаў.
Глянеш – разлог, далячынь.
Стужак дарожных роўныя пасы
Мераюць смужную сінь.

Ходзіць паважна дбалы араты,
Трактар – палёў гаспадар,
Дужы і ў працы спорны, заўзяты,
Ходзіць – гамоніць абшар.

Скінуты межы, свет разгароджан –
Далеч, бязмежны прастор.
Яснае заўтра, дзень наш прыгожы,
Досвіткі, тысячы зор!

Змоўкла ў прасторах песня старая,
Скаргі адвечны палон;
Вольная праца нас адарае
Песняю радасных дзён.

Песні гавораць – жыць стала лепей,
Песні, як мак, расцвілі;
Поўняцца імі горы і стэпы
Нашай Савецкай зямлі.

Плаваюць песні звонам-разлівам,
Песні расквечаных дзён;
Песням вясёлым, песням шчаслівым
Хочацца ўторыць у тон.

Марш перамогі ў радасным гудзе.
Хіба ж не радасць наш час?
Краю Савецкі, новыя людзі!
Песняй вітаю я вас!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Песняй вітаю я вас - Якуб Колас