Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Люблю палескія прасторы

Люблю палескія прасторы
І Ясельды павольны бег,
Зірнуць з вышынь на лесу мора,
Адчуць: я тут – свой чалавек.

Асфальта стужка ўздоўж канала
Ці сцежка пасярод палёў…
Тваіх шляхоў мне, Край мой, мала.
Усё жыццё імі б прайшоў!

Ем жменямі твае чарніцы,
Твае рамонкі ў лузе рву.
Ці гэта казка? Ці мне сніцца?
Ці сапраўды я тут жыву?

Твае ўрочышчы, як джунглі,
Чырвонакніжных нетраў свет.
І іх амаль што не кранулі
Ні час, ні нават чалавек.

Толькі бабры вядуць будоўлі,
Дзікі ікламі рвуць імхі.
Буслы блукаюць ў чыстым полі.
Арланы кружаць ля ракі,

Ля сажалак, набітых рыбай,
Ля вадасховішча, азёр.
Шаты дубоў такія, нібы
то волат рукі распрасцёр

Над гэтым краем блаславёным,
Дываном з ландышаў, суніц.
І я ўсім сэрцам улюбёны
Ў пералівы бліскавіц,

У россып зораў у тваім небе,
У каляровы смех вясёлак
І ў сонца, што мае патрэбу
Будзіць наш край у росны золак.

У бары тваім так вольна дыхаць
З тваіх крыніц так смачна піць.
Тут велічна і ўрачыста ціха,
Чутно, як у рай душа ляціць.

Таму ў родныя мясціны
Я сам лячу, нібыта ў рай.
Позіркам краявід акіну
Ну што, Радзіма, сустракай!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Люблю палескія прасторы - Андрэй Пятрусёу