Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Ляля

Цябе прывабнай, маладою,
Багіня, уяўляю, ты
Растопіш лёд сваёй хадою,
Жыццё абудзіш з нематы,

І надасі жывую сілу
Крынічкам чыстым, раўчукам,
Прыроду зеленню і сінню
Аздобіш, Ладава дачка.

На шыі пацеркі-расінкі
Блішчаць нязведанай красы,
А сонца сыпле залацінкі
Табе на промні-валасы;

Я ў вочы колеру нябёсаў
Пяшчотна-сінія гляджу.
Валодаеш ты боскай сілай,
Дык растапі маю душу,

Каб ачуняла, акрыяла,
І абудзілася ад сну,
І каб з усімі сустракала
Каханне, радасць і вясну.

Верш Ляля - Алесь Емельянаў