Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Жыцце – імгненне

…А здаецца, толькі ўчора
Шумна веяла вясна,
Зазывала на вячоркі
Ды трымала дапазна.

І яшчэ зусім нядаўна
Лета сонечна цвіло,
Так пяшчотна, так сапраўдна
Па каханні нас нясло.

Ночкай зорнай, песняй звонкай
Напаўнялася душа,
І гучалі думак гронкі,
Нібы светлая імша.

Адыйшоў духмяны водар
Запаволеных крыніц,
Ціхім плачам непагода
Змыла сполах зараніц.

А лістота сцеле коўдру –
Лета бабіна прыйшло.
І на скроні восень шчодра
Сыпле срэбнае святло…

І былыя летуценні
Немагчыма зноўку звіць…
Што жыццё? Адно імгненне! –
Праляцела – не злавіць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жыцце – імгненне - Зінаіда Русак