Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На гарадзішчы

Разводдзе сіні і разводдзе траў,
Звініць паветра гоманам птушыным.
Вясёлы конь пасецца на вяршыні,
Бялюткі, бы адліты з серабра.

Пад капытамі глебы тлусты пласт,
Спарыш кудлаты тут спрадвеку родзіць,
А ля падножжа доўгія стагоддзі
Залеглі. Тайнай аклікаюць нас.

Аскепачкам гаршка дзевяты век
Адорыць, як каштоўнасцю вялікай,
Даверыцца дасведчаным разлікам
I ўсім тваім здагадкам, чалавек.

Пажарышчы пазначаць новы слой.
I зноў чытай жыццё ў знаходках дзіўных:
Вось бранзалет падораны адзінай,
Вось нож, што скрыжаваўся са стралой.

I гэты без замка іржавы ключ
Пакінуў продак тут невыпадкова.
Татарская разбітая падкова…
I мёртвы попел вычарніў зямлю.

А вось і найапошні, верхні, пласт,
Што прыхаваў вайны мінулай кулі.
Мы круг жыцця адвечны не замкнулі,
Яно яшчэ цячэ, цячэ праз нас…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На гарадзішчы - Зінаіда Дудзюк