Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жняя

Як сама царыца
У залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў.

З каласкоў вяночак –
Моладасці сведка –
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.

На грудзях шчаслівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.

Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.

Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.

А яна – царыца –
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.

Смела йдзе у сонцы
Ўся сама – як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 2,33 out of 5)

Верш Жняя - Янка Купала