Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Брату ў чужыне

Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Усё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напявае зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?

Аздобнасць неба – сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом,
Русалак ночкай разгаворы,
Шчаслівых птушак песні днём?

Ці помніш ты пагляд нясмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў свет той белы,
Твая дзе моладасць сплыла?

Нямое поле, сенажаці,
Лазой аквечаны дзірван;
Магілкі, спяць дзе твае брацці,
На ўзмежку прадзедаў курган?

Ці помніш прызбу, плот з прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляныя бацькамі,
Адвекам крыўлены набок?

Паміж прысад гасцінец біты –
Пясчаны, ўзвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?

Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песню-байку “люлі”,
Снуючы ў думках рой надзей?

Святую песню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
З якой зліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?

Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?

Убор вясковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты…
Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Брату ў чужыне - Янка Купала