Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада пра Пагоню

БАЛАДА ПРА ПАГОНЮ

У жорсткім трымценні хвілін
зямных — найчасцей гаротных —
ўбіваем і мы свой клін,
каб клін цемры смяротнай

Выбіць з нашых шырот,
прыродай не абласканых,
каб ацалеў наш род,
стагоддзямі біты й гнаны.

Таму сеем семя сваё
у ярасным, роспачным гоне
бясконых з лёсам баёў,
і ад ранаў не стонем.

Не ведаем цвёрда — хто мы?
хоць сімвал таго гону —
узмыленая ад стомы
спрадвечнай Літвы Пагоня.

Што ў збруі яркім зіхценні
імчыць кудысь на край свету,
не пакідаючы ценю,
і, мусіць, без пэўнай мэты…

І ўсё ж я радней не маю
яе разгубленай долі,
і кожны раз заміраю,
калі аб ёй песня на волю

Рвецца ледзь не да неба,
трывожачы сон Эльбруса!
І адчуваю патрэбу
да скону быць беларусам!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Балада пра Пагоню - Алесь Гібок-Гібкоўскі