Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З вячэрніх дум

Як нябеснае згасне за лесам святло,
А ноч крылле распусціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
I на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.

Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.

Тонуць думы ў спакоі трывожна-святым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць залатым –
Мільёнамі зор без канца, без граніцы.

Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі з’яўныя шорахам тайным складае,
Песню з небам снуе – праслаўляе зямлю;
Ў песню лучыцца гэту душа маладая.

Аб квяцістым зямнога жыцця харастве,
Аб праменнях, што долю галубяць людскую,
I аб з сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую…

Гледзячы, як загон наш калоссямі спеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песню далі і неба таксама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш З вячэрніх дум - Янка Купала