Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На гасцінцы

Чыстым інеем пакрыты
На гасцінцы беразняк,
Космы густа ім абвіты;
У белым снезе маладняк.

Свішчуць сані на марозе,
Коні рвуцца і хрыпяць.
Крык і гоман на дарозе,
Бомы стогнуць і звіняць.

Скверыць холад. Пабялелі
Вусы, світка вазака,
Толькі шчокі счырванелі
Ад марозу ў мужыка.

Перад святам заработкі, –
А дарога, як сляза…
Толькі бухаюць калодкі,
Толькі свіст ад палаза!..


Верш На гасцінцы - Якуб Колас