Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Калыханка маме

Быць разам выпадае нам так мала…
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
He дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
He дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі –
He дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Калыханка маме - Ніна Мацяш