Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Апранутыя ў вецер

Апранутыя ў вецер,
па пяску насустрач сонцу,
з чыстым сэрцам,
шчырым сэрцам.
Любім, верым і смяёмся.

Міліярд агнёў над намі
залатым вісіць узорам.
Маняць шчодрымі дарамі
гронкі невядомых зорак.

Тут сабе знайшлі прытулак
Ён, Яна – зямныя краскі.
Ночы хмельны пацалунак
суцяшае сваёй ласкай.

Ззяе новы ранак казкай,
цёплым шчасцем, перамогай
светлага над злым пачаткам.
Дзе ты, зорная дарога –
чарадзейная пальчатка?..

Мы, аблытаныя ветрам,
па пяску насустрач цуду.
– Адшукаю карту свету.
– Крылы лёгкія здабуду…

Толькі ўюцца па пустыні
карабельных суднаў здані.
Вочы шэрыя, пустыя
скарб схавалі старадаўні.

У шалёным карагодзе
скачуць здані: “Мерці годзе!
Скрозь сачыся, таямніца,
дай жывой святой вадзіцы

Двум звярам, загнаным ў пастку
ад людской няшчырай ласкі.
Узмацні слабую веру.
Піце, людзі! Піце ў меру!..”

Для дзяцей сваіх абдымкі
ў неўміручасці, у прасторы,
і на сушы, і на моры
акіян раскінуў зорны…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Апранутыя ў вецер - Вольга Бялова