Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мова дрэў

У родным краі размаўляюць дрэвы
на мове сонца, ліўняў і вятроў,
зялёных раніц, поўдняў загарэлых,
птушыных таямніц, трывог і сноў.

Мне мову не забыць бяроз і сосен
і кожны гук іх старажытных слоў,
бо з гэтых дрэў стартуе ў неба восень
журботнымі чародамі буслоў –

Насустрач ветру і паўднёвым землям,
дзе птушкі не выводзяць птушанят,
і, сумныя, чакаюць, як збавення,
вяртання ў край бярозавых прысад…


Верш Мова дрэў - Віктар Ярац