Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ

(12.02.1746-15.10.1817)

“Амерыка, бывай! Вяртаюся дахаты!”-
Твой голас, нібы чайка белая, ляціць
Над пенай хваль, што нібы дым вайны
кудлаты
Віруе за табой, каб ты не змог любіць
Вайну, якая не за волю і не за Айчыну,
Не за любоў… І ведай, што паўстанню быць,
Бо нельга болей жыць так, каб тваю радзіну
Чужак няволіў, прымушаў сваё забыць.
Ды не забыць сваё! Яно сваё ад Бога,
Як любая зямля, як мова, як крыжы,
Як гэтая твая дамоў праз свет дарога
Самотная, як восенню штодня дажджы…

І заўтра вернешся ты ў родныя пенаты,
Прыгожы, генерал і ўсё шчэ малады.
І будуць поспехі ў цябе і будуць страты,
І ўсё забудзецца на змрочныя гады
У родным краі, каб пасля ізноў успомніць
Цябе нам не чужога па крыві, душы,
І вольнай Беларусі залатыя промні
Заззяюцца цвікамі і ў тваім крыжы…

17.07. 2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 4,50 out of 5)

Верш БАЛАДА ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ - Віктар Шніп